Канал “Культура” абвяшчае аб правядзенні радыёконкурсу сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр 2.0”, прысвечанага 95-годдзю Беларускага радыё

23.03.2020  

Творчае спаборніцтва ладзіцца для пошуку таленавітых аўтараў, развіцця нацыянальнага мастацкага радыёвяшчання, адбору актуальнага драматургічнага матэрыялу з яго далейшай пастаноўкай у эфіры.

Удзельнікамі могуць стаць асобныя аўтары, калектыў аўтараў, якія цікавяцца тэатрам, маюць драматургічны вопыт ці спрабуюць сябе ў напісанні п’ес. Апісанні ў тэксце, згодна са спецыфікай радыёвяшчання, павінны быць зразумелымі для ўспрыняцця на слых. Рэчаіснасць радыёп’есы складаюць дыялогі, галасы, гукі, інтанацыі. Фізічныя дзеянні ў аўдыяльным творы выказваюцца гукамі. Максімальная колькасць дзеючых асоб у конкурсных п’есах не павінна перавышаць пяці. Рабочымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская.

Першае падобнае творчае спаборніцтва канал “Культура” правёў у 2018 годзе”, – адзначае дырэктар канала “Культура”, аўтар і каардынатар праекта Уладзімір Трапянок. – “Што прыемна, мы атрымалі п’есы ад аўтараў розных узростаў з некалькіх населеных пунктаў Беларусі. Паводле вынікаў конкурсу на нашым канале створаны радыёспектакль “Танец з рапірай” па п’есе драматурга Ягора Конева. Пастаноўка прагучала ўжо і ў эфіры Першага нацыянальнага радыёканала, а таксама папоўніла фонды Беларускага радыё. Спадзяюся, на гэты раз нашу творчую ініцыятыву падтрымаюць аўтары з усёй Беларусі, конкурс набудзе розгалас, і мы наладзім супрацоўніцтва з новымі таленавітымі аўтарамі”.

Тэмамі для конкурсных радыёп’ес вызначаны “Сучасная беларуская культура і нацыянальныя традыцыі”, “Чалавек у глабальным свеце”, “Сучасная асоба і радыё”, “Гарманічныя адносіны чалавека з прыродай”.

Прыём работ на конкурс пачнецца ў Міжнародны дзень тэатра – 27 сакавіка. Даслаць радыёп’есы на адрас канала “Культура” можна да канца верасня. Прафесійнае журы з ліку спецыялістаў у галіне драматургіі, тэатра і мастацкага радыёвяшчання да 10 лістапада вызначыць пераможцаў. Узнагароджанне аўтараў лепшых твораў адбудзецца на ўрачыстасці да 95-годдзя Беларускага радыё. Пастаноўка найлепшай п’есы па выніках конкурсу адбудзецца ў 2021 годзе.

Палажэнне аб правядзенні радыёконкурсу сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр 2.0”, форма заяўкі на ўдзел і кантакты з арганізатарамі змешчаны на сайце www.radiokultura.by.