Саўлюс Варнас паставіў у Маладзёжным тэатры спектакль пра шматграннасць кахання

17.03.2020

Сёння ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры ‒ прэм’ера. Літоўскі рэжысёр Саўлюс Варнас паставіў спектакль “Дом пасярод вясны” паводле п’есы Эжэна Іанэска “Смага і голад”. Жанр вызначаны як "ілюзія кахання". Галоўны герой збягае ад адзіноты і паўсядзённасці, пакідае жонку і маленькую дачку. Рэжысёр прапануе паразважаць, якім бывае каханне.

Работы Саўлюса Варнаса добра знаёмыя беларускаму гледачу. Творца працаваў галоўным рэжысёрам Магілёўскага драматычнага тэатра, паставіў спектакль на гродзенскай сцэне. Працаваць з новай трупай рэжысёру падабаецца, бо гэта дае прастору для эксперыменту.

У пастаноўцы ўдзельнічаюць Дзмітрый Бойка, Марына Блінова, Анастасія Рэўчанка-Лук’янава, Лізавета Ільеўская і іншыя акцёры. Наступныя паказы – 22 сакавіка і 29 красавіка.

Фота: vk.com