Опера "Царская нявеста" сёння прагучыць у гонар спявачкі Наталлі Рудневай

10.06.2021

Сённяшні паказ оперы "Царская нявеста" Мікалая Рымскага-Корсакава прысвечаны народнай артыстцы Беларусі Наталлі Рудневай.

Галоўны хормайстар Вялікага тэатра, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч пазнаёмілася з Наталляй Рудневай, калі маладая спявачка апошні год працавала ў хоры. Пасля заканчэння кансерваторыі яна стала салісткай оперы. "Яскравы голас поўнага дыяпазону, абсалютная музычная пісьменнасць і памяць, фантастычная працаздольнасць  усё гэта пра Наталлю Рудневу", – кажа Ніна Ламановіч.

Дырыжор Вялікага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка называе Наталлю Рудневу сваёй "настаўніцай": "Чалавек дзіўнай інтэлігентнасці. Не проста спявачка, а актрыса, якая спявае. Яна не аддзяляла музычную частку ад драматычнай, а гэта рэдкі сімбіёз. І яе інтэлект дапамагаў ёй дасягаць выдатных вынікаў".

Фота: vk.com