20.02.2026
БЕЛАРУСКІЯ ЖАНЧЫНЫ
Паводле Алеся Звонака
Не гартаў я фаліянтаў пажаўцелыя старонкі,
не шукаў пра вас паданняў,
пыл стагоддзяў не страсаў.
Чуў я змалку плач ваш горкі,
чуў я смех ваш срэбразвонкі.
Беларускія жанчыны – неўміручая краса!
Станам – зграбныя бярозкі,
што павыбеглі край руні,
замест воч – адбіткі неба
яснай чэрвеньскай пары.
Валасы – ручайкі лёну,
галасы – напеў шматструнны,
а ўсмешкі – водбліск ясны санцавейнае зары.
Гордасць, пэўна,
узялі вы ў Рагвалодавай Рагнеды,
дум ясноту Ефрасіння, пэўна, у спадчыну дала.
Кроў свавольных крывічанак
не схіляла вас у бедах,
пакідалі вы святліцы, бралі ў рукі вы булат.
Вы зазналі дым і попел,
спусташэнне лютых войнаў,
хлеб з бядою-лебядою, лёс салдаткі-ўдавы.
Вы трывожна сустракалі век дваццаты неспакойны,
не схілялі ў час нашэсцяў непакорнай галавы.
Вам знаёмы кроў і порах,
партызанскія сцяжыны,
помсты жар у сэрцах добрых,
дзе б каханню гнёзды віць.
Вы на смерць ішлі без страху,
беларускія жанчыны,
у імя Радзімы светлай, міру, шчасця і любві!
Вы – пачатак прыгажосці, вы – жыцця першапрычына,
бачу будучыню вашу я ў служэнні хараству.
Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны!
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!
172 словы
