У Ашхабадзе праходзіць XIV Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі краін - удзельніц СНД

16.05.2019

Падчас Форуму 10-ты раз уручылі прэмію "Зоркі Садружнасці". Яна прысуджаецца за высокія дасягненні ў галіне гуманітарнай дзейнасці, якая спрыяе развіццю краін - удзельніц СНД. Адным з лаўрэатаў мінулых гадоў быў беларускі кампазітар Ігар Лучанок. Сярод сёлетніх пераможцаў - аўтарскі калектыў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў складзе Пятра Віцязя, Аляксандра Ільюшчанкі і Міхаіла Андрэева. 

Таксама ва ўрачыстасці браў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Туркменістане Алег Табанюхаў. Дыпламат адзначыў, што наша краіна - пастаянны ўдзельнік міжнародных праектаў і ініцыятыў, якія праводзяцца ў СНД пад эгідай Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. Гэтыя кантакты працягнуцца.

На цырымоніі адкрыцця міжнароднага форуму ў Ашхабадзе да прысутных звярнуўся старшыня праўлення Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва, знакаміты спявак Палад Бюльбюль-аглы. Ён падкрэсліў важнасць гэтай падзеі і міжнацыянальных стасункаў Еўразійскай прасторы ў цэлым. 

Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі краін - удзельніц СНД завяршыўся працай шматлікіх секцый. На адной з іх пра ўплыў Беларускага радыё на фарміраванне эстэтычных каштоўнасцей слухачоў расказаў дырэктар нашага канала Уладзімір Трапянок. 

Фота: cis.minsk.by